ТАА «КЛЭР»

+ 375 17 510-63-11

Электрастымуляцыя

Электрастымуляцыя

Электрастымуляцыя - ужыванне электрычнага току з мэтай узбуджэння альбо ўзмацнення дзейнасці пэўных ворганаў і сістэмаў. Часцяком слова «электрастымуляцыя» выкарыстоўваецца цалкам няслушна для пазначэння любога ўздзеяння электрычным токам. Нягледзячы на тое, што стымуляваць токамі можна шмат якія ворганы і сістэмы ўжываннем для гэтага адэкватных методыкаў і параметраў, у практыцы найшырокі распаўсюд атрымала электрастымуляцыя сэрца, што складае адмысловы раздзел медыцыны, і электрастымуляцыя рухальных нерваў і цягліцаў.

Для электрастымуляцыі выкарыстоўваюць сталыя імпульсныя токі з рознай формай імпульсаў (прастакутнай, экспаненцыяльнай, полісінусоіднай) пры рознай працягласці (ад 1 да 300 мс) і мадуляванні іх у серыі рознай працягласці і частасці пры інтэнсіўнасці да 50 мА. Ужываюць таксама для гэтых мэтаў і зменныя сінусоідныя мадуляваныя токі з апорнымі частасцямі 2000 і 5000 Гц, пры сіле току да 80 мА.

Пры праходжанні імпульснага току праз тканіны, у моманты хуткага ўключэння і спынення яго, у паўпранікальных мембранах тканінаў, у тым ліку ў клеткавых абалонках, адбываецца раптоўная навала вялікай колькасці аднайменна зараджаных іёнаў. Гэта вядзе да зварачальнай змены стану клеткавых калоідаў і прыводзіць клетку ў стан узрушанасці, у прыватнасці рухальнай, калі ўздзеянне праводзіцца на рухальны нерв альбо цягліцу. Стымуляванне цягліцавых элементаў дзейсніць спрыяльны ўплыў на вянозны крывязварот і лімфацёк. Рухальнае ўзбуджэнне вядзе да ўзмацнення прыцёку крыві да ўзбуджаемых цягліцаў, да інтэнсіфікацыі паменных працэсаў, сінтэзу нуклеінавых кісляў, у тым ліку і РНК. Акрамя таго, у выніку стымуляцыі ўзмацняецца аферэнтацыя з цягліцаў у цэнтральную нервовую сістэму, павялічваецца ў вялікіх пірамідных клетках колькасць ДНК, што сведчыць пра павышэнне функцыянальнага ўзроўню цэнтральнай нервовай сістэмы. У крыві падвышаецца ўтрыманне самататропнага гармону, імунарэактыўнага інсуліну і С-пептыду.

З прафілактычнай мэтай электрастымуляцыя выкарыстоўваецца для падтрымання жыццядзейнасці і жыўлення цягліцы, папярэджвання яе атрафіі пры вымушанай імабілізацыі і гіпакінэзіі, абумоўленай іншымі прычынамі (захворванні суставаў і іншае), а таксама для прафілактыкі пасляаперацыйных флебатрамбозаў. З лекарскай мэтай электрастымуляцыю найбольш часта ўжываюць для аднаўлення функцыі пашкоджанага рухальнага нерва, пры парэзе і паралюшах, з прычыны неўрыта мімічных цягліцаў, а таксама пры спастычных паралюшах. Варта зазначыць, што апошнім часам электрастымуляцыя атрымлівае ўсё большае прымяненне з мэтай нармалізацыі функцыі пры захворваннях нутраных ворганаў і сістэмаў, а менавіта, пры рэфлюкс-эзафагіце, гіпатанічнай дыскінезіі жоўцевыводных шляхоў, для аднаўлення маторнай функцыі кішачніка пры атанічных запорах і пасля пустоцінных аперацыяў і іншае.

Прызначэнне ніламіду і некаторых анэстэтыкаў (новакаін, анэстэзін, анальгін) патэнцуе лекавальную эфектыўнасць празскурнай электрастымуляцыі нерваў, а новакаінавыя паравертэбральныя блакады эфект ЧЭС саслабляюць.

Імпульсныя электрычныя токі, выклікаючы рухальную ўзрушанасць і скарачэнне цягліцаў, адначасова рэфлекторна ўзмацняюць крывя-і лімфазварот, а таксама ўвесь комплекс паменатрафічных працэсаў, накіраваных на энергетычнае забеспячэнне працуючых цягліцаў, твораць антыпарабіятычнае дзеянне на нервовыя тканіны. У іх актывуюцца пластычныя працэсы, сінтэз нуклеінавых кісляў.

У хворых на перыферычныя парэзы электрастымуляцыя спрыяе прадухіленню цяглічнай атрафіі, павышэнню скарачальнае здольнасці, тонусу цягліцаў, паляпшэнню праводнасці нервовых ствалоў і электраўзбуджальнасці нервова-цяглічнага апарату, паслабленню тармажэння сегментарных мотанейронаў у зоне функцыянальнай асінапсіі і, тым самым, памяншэнню ступені цяжару рухальных разладаў, аднаўленню аб'ёму рухаў. У хворых на цэнтральныя парэзы, з прычыны ліквідацыі дысбалансу паміж палягчальнымі і тармозячымі супраспінальнымі сістэмамі, электрастымуляцыя падвышае ўзровень рэгуляцыі рухальнага акту, часткова аднаўляе рэцыпрокныя адносіны і скарачальную здольнасць цягліцаў-антаганістаў, фармуе новы дынамічны стэрэатып, актывуе функцыянальна нядзейныя нейроны вакол агменю паразы, спрыяе зніжэнню спастычнасці, павелічэнню аб'ёму рухаў і паляпшэнню каардынацыі.

Стымуляванне функцыі цягліцавых элементаў нутраных ворганаў вядзе да паляпшэння іх дзейнасці і ўзаемадзейнічаючых з імі, і рэгулюючых іх сістэм. Гэта спрыяе памяншэнню альбо лiквiдацыi наяўных паталагічных працэсаў функцыянальнага характару. Электрастымуляцыя таксама вядзе да паляпшэння саслабленай функцыі сфінктараў, паляпшае сакраторную і маторную функцыі воргана.

Паказанні да ўжывання электрастымуляцыі: рухальныя парушэнні (парэзы, паралюш) з прычыны захворванняў і траўмаў цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэмаў; парушэнні рухальнай або замыкальнай функцыі страўніка, кішачніка, жоўцевыводных шляхоў, капшуку, бруляцечніку, маціцы і яе прывескаў; імпатэнцыя; стымуляцыя цягліцаў з мэтай паляпшэння перыферычнага артэрыяльнага і вянознага крывязвароту, лімфаадцёку; стымуляцыя дыяфрагмы і цягліцаў пярэдняй сценкі брухавіны для паляпшэння дыхання; павелічэнне і ўмацаванне цяглічнай масы ў спартоўцаў; скаліёз і іншае.

Галоўная » Методыкi » Электрастымуляцыя

Copyright © KLER Ltd. - All rights reserved.