ТАА «КЛЭР» + 375 17 510-63-11 , + 375 17 510-63-23, 375 17 505-50-24

ТАА «КЛЭР»

+ 375 17 510-63-11

ТЭТ-тэрапія

ТЭТ-тэрапія

У целе чалавека бесперапынна адбываюцца электрычныя з'явы: перадача інфармацыі па нейронах, скарачэнне цягліцавых валокнаў; кожная клетка мае пэўны электрычны патэнцыял на клетачнай мембране і г. д. Пры захворваннях гэтыя працэсы парушаюцца, адбываецца разбалансаванне сістэмы. Электратэрапія дазваляе дамагчыся яе стабілізацыі, дзейснячы стымулюючы або тармозячы ўплыў на розныя звёны ланцуга.Электрычнасць распачалі выкарыстоўваць у лекарскіх мэтах яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя. Заснавальнікамі метаду па праве лічацца Франклін, які вывучаў статычную электрычнасць (яго імем названы адзін з метадаў электратэрапіі); Ледзюк і Арэніўсам, чые даследаванні дазволілі распрацаваць прынцыпы электрафарэзу, Дарсанваль, які распрацаваў методыку ўздзеяння на арганізм зменным імпульсным токам высокай частасці, названую ў яго гонар. Працы Фарадэя і Дзюшэн сталіся падмуркам транскраніяльнай электратэрапіі (электрастымуляцыя, электрасон, электраанэстэзія).

Механізм дзеяння ТЭТ. У аснове механізму лекарскага дзеяння ТЭТ палягае ўздзеянне імпульснымі токамі на розныя структуры галоўнага мозгу. Гэткае ўздзеянне выклікае наўпроставы лекавальны эфект на пашкоджаныя нейранальныя сістэмы, паляпшае функцыянальны стан шкарупы галоўнага мозгу і падшкарупавых структураў, аптымізуе працу розных цэнтраў, рэгулючых дзейнасць нутраных ворганаў, гарманальнай сістэмы і цэнтраў розных відаў памену рэчываў. Апасродкаваны лекарскі эфект ТЭТ мянуецца рэфлекцыйным і забяспечвае нармалізацыю функцыянальнага стану розных ворганаў і сістэмаў арганізму, паляпшае агульную працаздольнасць, аднаўляе псіхічныя функцыі, ліквідуе псіхалагічныя перагрузкі і розныя віды залежнасці.

Паказанні для лекавання: неўрозы, гіпертанічная хвароба I і II стадыі, першасная артэрыяльная гіпатанія, ішэмічная хвароба сэрца (пры наяўнасці каранарнай няздатнасці I ступені, рэдкіх прыступаў стэнакардыі, у перыяд рэабілітацыі інфаркту міякарда), аблітэрацыйныя захворванні судзінаў канцавінаў, атэрасклероз судзінаў галоўнага мозгу ў пачатковым перыядзе, бранхіяльная астма, верад страўніку і дванаццаціпалай кішкі (няўскладненых формаў), рэўматоідны артрыт пры наяўнасці неўрастэніі, псіхастэніі, парушэнняў сну; сухоты лёгкіх пры адсутнасці шырокіх кавернаў, багатага вылучэння макрыні і моцнага кашлю, сіндром фантомных боляў, траўмы чэрапу, посттраўматычная энцэфалапатыя (пры адсутнасці арахнаідзіта); шызафрэнія ў перыяд астэнізацыі пасля актыўнага медыкаментознага лекавання: да-і пасляаперацыйны перыяд з нагоды рэзекцыі страўніка, тонкага кішачніка, жаўцяку; апёкавая хвароба, трафічныя раскеліны галёнак, дыэнцефальны сіндром (вегетатыўна-судзінная форма), наступствы клешчавога энцэфаліту , глаўкома пры адсутнасці адслаення сеткавіцы, экзэма, нейрадэрміт, рэўматычная харэя, энурэз, заіканне, неўрыт слыхавых нерваў, вібрацыйная хвароба, радыкальна вылечаныя анкалагічныя хворыя ў аднаўленчым перыядзе, гласалгія, стаматыт, парадонтоз, перыядантыт, падрыхтоўка цяжарных да родаў.

Супрацьпаказанні: непераноснасць току (немагчымасць дамагчыся адчування вібрацыяў), запаленчыя захворванні вачэй (кан'юктывіт, блефарыт, ірыдацыкліт), адслаенне сеткавіцы, экзэма і дэрматыт на скуры асобы, гістэрычную форму неўрозу, арахнаідзіт посттраўматычны, а таксама цяжкі стан хворага (высокая ліхаманка, дэкампенсаваная ішэмічная хвароба сэрца, мозгу, далёка зайшоўшы агульны атэрасклероз, гіпертанічная хвароба ПБ-III стадыі, няздатнасць крывязвароту II-III ступені).

Дазіметрыя: інтэнсіўнасць уздзеяння сталым імпульсным токам дазуецца па амплітудным значэнні сілы току і прызначаецца хвораму ў межах ад 3-5 да 10 мА. Працягласць першыя 2-3 працэдуры складае 20-30 хвілінаў, наступных - да 1-2 гадзінаў (рэдка 3-4 гадзінаў). Працэдуры праводзяцца штодня або 4 разы на тыдзень (два дні запар з днём адпачынку), ці праз дзень. Звычайна іх пачынаюць праз 1-2 гадзіны пасля сняданку, абеду ці перад начным сном. На курс лекавання прызначаюць 10 - 30 працэдураў.

Транскраніяльная электрастымуляцыя (ТЭС-тэрапія) - метад лекавання з дапамогай неінвазіўнай стымуляцыі. ТЭС селектыўна (выбарча) актывуе сістэму эндагенных апіёідных пептыдаў (ЭАП) мозгу, перш за ўсё - b-эндарфіну, з дапамогай імпульснага электрычнага ўздзеяння, што падаецца праз галаўныя наскурныя электроды. Для дасягнення пазначанай селектыўнасці пры ТЭС-тэрапіі неабходна захаванне двух асноўных прынцыпаў: кірунак прыкладання току (лоб - смочкавыя атожылкі) і яго рэзанансныя характарыстыкі па адносінах да ЭАП. ЭАП з'яўляецца найважнай сістэмай арганізма, што рэгулюе дзейнасць нейра-імунна-эндакрыннай сістэмы арганізма. Выяўлена, што адно ў вельмі вузкім дыяпазоне характарыстык імпульснага току дасягаецца выбарчая і аднаўляемая актывацыя сістэмы ЭАП. На эксперыментальна-паталагічных мадэлях (на жывёлах) выяўлена, што ТЭС-тэрапія з выпрацаваным рэжымам стымулюе працэсы рэпарацыйнай рэгенерацыі пашкоджаных тканінаў, выклікае выразную анальгезію, нармалізуе судзінную рэгуляцыю, прыгнятае рост імплантаваных пухлінаў, выклікае імунастымулюючы эфект, здымае эксперыментальную алкагольную абстыненцыю, павялічвае неспецыфічную рэзістэнтнасць арганізма і шмат іншае.

Клінічна пацверджаныя наступныя асноўныя эфекты ТЭС-тэрапіі:
• нармалізацыя псіхафізілагічнага статусу, антыстрэсавы і антыдэпрэсійныя эфекты, павышэнне працаздольнасці, нармалізацыя сну, зніжэнне стамляемасці, паляпшэнне настрою, павышэнне якасці жыцця ў цэлым;
• рэпарацыйны эфект: паскарэнне гаення пашкоджанняў рознага генезу усіх відаў тканінаў, у тым ліку дэфектаў скуры і глейкаватых, рэгенерацыя гепатацытаў, перыферычных нерваў, злучальнай тканіны;
• эфектыўнае болепаталенне, нават у тых выпадках, калі медыкаментознае лекаванне болевага сіндрому выяўляецца неэфектыўным. Вядома, што b-эндарфін валодае анальгетычным эфектам амаль у 30 разоў перавышаючым эфект марфіну;
• нармалізацыя працэсаў вегетатыўнай рэгуляцыі, нармалізацыя судзіннага тонусу, нармалізацыя артэрыяльнага ціску;
• стымуляцыя імунітэту;
• тармажэнне росту пухлінаў, павышэнне якасці жыцця анкалагічных хворых;
• купаванне абстынентных сіндромаў, ліквідацыя постабстынентных афектыўных парушэнняў пры лекаванні алкагалізму, таксікаманіі і апіятнай наркаманіі, ліквідацыя паталагічнай цягі да алкаголю і наркотыкаў;
• супрацьзапаленчы і супрацьалергічны эфекты;
• павышэнне эфектыўнасці іншага лекавання, у тым ліку медыкаментознага.

Усе эфекты ТЭС-тэрапіі маюць сістэмны характар (у сілу актывацыі ЭАП), таму праяўляюцца адначасова і комплексна. У сувязі з гэтым ТЭС-тэрапія мае шырокія паказанні да ўжывання, якія вызначаюць яе гомэастатычную накіраванасць. Агулама вывучана больш за 100 паказанняў да ўжывання ТЭС-тэрапіі.

Супрацьпаказаннямі да метаду ТЭС з'яўляюцца: наяўнасць пашкоджанняў скуры ў месцах аплікацыі электродаў, траўмы і пухліны галоўнага мозгу, сутаргавыя станы і эпілепсія, гіпертанічны крыз ў вострай стадыі, гіпертырэоз, наяўнасць ужыўленых кардыястымулятараў, узрост да 5 гадоў.

Галоўная » Методыкi » ТЭТ-тэрапія

Copyright © KLER Ltd. - All rights reserved.